НЕ - ВАЙНЕ!
588

Журналістка Ірына Слаўнікава прызнаная палітычнай зняволенай ЗАЯВА

30.11.2021

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

30 лістапада 2021 г.

30 кастрычніка Ірыну Слаўнікаву затрымалі ў мінскім аэрапорце, калі яна з мужам вярталіся з адпачынку. Іх абодвух 1 лістапада суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч асудзіў да 15 сутак арышту нібыта за захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Таксама 4 лістапада стала вядома, што жаночая камера, у якой утрымлівалася Ірына Слаўнікава, абвясціла групавую галадоўку праз нечалавечыя ўмовы ўтрымання зняволеных.

15 лістапада другі раз запар журналістка Ірына Слаўнікава была пакарана 15 суткамі арышту у судзе Першамайскага раёна Мінска (суддзя Максім Трусевіч) па абвінавачванні ў «дробным хуліганстве».

26 лістапада стала вядома, што Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да журналісткі Ірыны Слаўнікавай з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Ірыны Слаўнікавай з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару яе публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

Таксама адзначаем, што ў сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Ірыны Слаўнікавай палітычнай зняволенай і патрабуем:

  • неадкладнага вызвалення Ірыны Слаўнікавай і спынення ў дачыненні да яе крымінальнага пераследу;

  • адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;

  • неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

"Прававая ініцыятыва";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Human Constanta.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!